ДЫЯГНАСТЫ́ЧНЫ ЦЭНТР,

медыцынская ўстанова, якая ажыццяўляе абследаванне насельніцтва на аснове канцэнтрацыі і выкарыстання найноўшых сродкаў і метадаў дыягностыкі. Забяспечвае неабходны аб’ём і ўзровень дыягностыкі, комплексную кансультацыю спецыялістаў любога профілю. Структура Д.ц.: кансультацыйнае аддзяленне і 6 дыягнастычных — лабараторна-дыягнастычнае (праводзяцца біяхім., імуналагічныя, мікрабіял. і інш. даследаванні), эндаскапічнае (вызначаецца стан унутр. полых органаў — страўніка, жоўцевага пузыра, бронхаў і інш.), функцыян. дыягностыкі (даследаванні сэрца і сасудаў), ультра-гукавых даследаванняў унутр. органаў, прамянёвай дыягностыкі з камп’ютэрнай тамаграфіяй, клінічнай патамарфалогіі. На Беларусі першы Д.ц. адкрыты ў 1989 у Мінску.

А.​В.​Таўкачоў.

Дыягнастычны цэнтр у Мінску. 1. Ультрагукавое даследаванне сэрца. 2. Камп’ютэрнае даследаванне галаўнога мозга.

т. 6, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)